Перайсці да зместу

Касцёл Святога Вацлава (Ваўкавыск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Святога Вацлава
Касцёл Святога Вацлава. Ваўкавыск. 2014
Касцёл Святога Вацлава. Ваўкавыск. 2014
53°09′32″ пн. ш. 24°28′18″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Ваўкавыск
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль класіцызм
Будаўніцтва 18461848 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000085шыфр 413Г000085
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Вацлава — каталіцкі храм у Ваўкавыску. Пабудаваны ў 18461848 гг., помнік архітэктарства позняга класіцызму.

Касцёл у Ваўкавыску быў заснаваны ў 1400-я гады вялікім князем ВКЛ Вітаўтам, які зафундаваў на ўтрыманне парафіі в. Ясенавіца. Першапачаткова касцёл быў асвечаны пад тытулам св. Мікалая. Драўляны будынак святыні палілі крыжакі (1409, 1413), татары (1504), але касцёл ізноў адбудоўваўся дзякуючы каралеўскім, магнацкім і шляхецкім ахвяраванням. Фундуш Вітаўта быў памножаны каралямі Казімірам і Аляксандрам Ягелонамі. У 1511 кароль Жыгімонт I Стары пацвердзіў фундуш і надаў касцёлу статус фары, ён жа ў 1516 вызваліў ад падаткаў карчму, што належала касцёлу.

У XVII ст. інтэр’ер драўлянай фары ўпры­гож­валі тры алтары. Галоўны алтар (у 1633 узгадваецца як новы) быў трох’ярусны, у цэнтры змяшчалася Укрыжаванне, а наверсе абразы Уваскрасення Езуса і Каранацыі Маці Божай. Бакавыя алтары былі двух’ярусныя: у левым знаходзіліся абразы Звеставання НПМ і Перамянення Пана, у правым — Унебаўзяцця НПМ і Найсвяцейшай Тройцы. Пазней месца ў галоўным алтары займаў цудадзейны абраз Маці Божай з Дзіцяткам, упрыгожаны срэбнымі каронамі, залатым сэрцам на грудзях Маці Божай і адзначаны 41 вотай. Хоры змяшчаліся на правай сцяне касцёла. У званіцы было тры званы.

З 1668 годзе пры ваўкавыскай фары згадваецца шпіталь-прытулак, які парафія ўтрымлівала на ахвяраванні вернікаў. Шпіталь спыніў дзейнасць у першай палове ХIХ ст. (апошняе ўзгадванне датуецца 1801). Пры фары дзейнічала таксама парафіяльная школа (першае ўзгадванне — 1633, апошняе — 1823 год).

Новы драўляны касцёл пачалі ўзводзіць у 1712 годзе. Гэта была дзвюхвежавая святыня крытая гонтай з сігнатуркай над алтарнай часткай даху, над уваходам на галоўным фасадзе быў змешчаны балкон для капэлы. Усе тры алтары былі трох’ярусныя. Галоўны алтар з абразамі Укрыжавання, Уваскрасення і Сыходжання Святога Духа быў перанесены са старога касцёла; цудатворны абраз Маці Божай быў змешчаны ў правым бакавым алтары разам з абразамі св. Марціна і св. Міхала Арханёла; у левым бакавым алтары знаходзіліся абразы Хросту Пана, св. Вілема і св. Барбары.

«Святое сямейства». XVIII ст. МСБК НАН

У 1739 годзе касцёл згарэў. Праз тры гады (у 1742) была збудавана апошняя драўляная фара ў Ваўкавыску. У 1757 віленскі суфраган бп Антоній Жаўкоўскі асвяціў касцёл пад гістарычным тытулам св. Мікалая. Галоўны фасад упрыгожвалі дзве вежы, дах быў крыты гонтай. Цудатворны абраз Маці Божай ацалеў у пажары і зноў быў змешчаны ў галоўным двух’ярусным алтары, наверсе якога знаходзіўся тытульны абраз св. Мікалая. Бакавыя алтары сталі таксама двух’яруснымі: у левым былі абразы св. Юды Тадэвуша і св. Казіміра, у правым — св. Антонія і св. Юзафа. У 1760-я гады на цудатворны абраз Маці Божай ваўкавыскі плябан кс. Адам Калантай, зафундаваў шыкоўную срэбную шату з каронамі. Астатнія абразы таксама мелі срэбныя аплікацыі. Бэльку над прэзбітэрыем завяршала велічнае разьбянае Укрыжаванне. На хорах стаяў васьмігалосны пазітыў. Касцёльны ўчастак быў абнесены парканам, у куце якога стаяла драўляная двух’ярусная званіца з трыма званамі. У часы кампаніі 1812 года касцёл быў нязначна пашкоджаны і ў хуткім часе адрамантаваны.

Ноччу з 3 на 4 кастрычніка 1827 года касцёл згарэў дашчэнту. На яго месцы за два месяцы парафіяне пабудавалі драўляны барак з саламяным дахам, які 6 снежня асвяцілі ўсё яшчэ пад тытулам св. Мікалая. Унутры ўсталявалі два часовыя алтары. Цудатворны абраз Маці Божай ізноў атрымалася выратаваць з агню, ён заняў месца ў бакавым алтары, галоўны алтар быў прысвечаны Пану Езусу. У 1832 сюды перавезлі частку рэчаў з зачыненага францішканскага касцёла ў Лапеніцы: амбон, фератрон, цудатворны абраз св. Антонія і інш.

Ужо праз разглядаюцца першыя праекты новай, каменнай, ваўкавыскай фары. Да рэалізацыі быў прыняты адзін з праектаў архітэктара Аляксандра Грудэцкага, паводле якога на ахвяраванні шматлікіх парафіян была змуравана трохнававая святыня ў стылі позняга класіцызму. Пры гэтым касцёл узвялі не на ранейшым месцы, а насупраць, па другім баку Ізабелінскага тракту, дзе раней стаяла карчма. Будаўніцтва распачалося ў 1841, улетку 1845 скончылі ўзвядзенне сцен, а ў лістападзе 1846 аб’ём быў накрыты дахам (спачатку гонтавым, а з 1858 — бляшаным) з вежачкай. Новы будынак фары быў кансэкраваны 13 жніўня 1850 года віленскім б-пам Вацлавам Жылінскім пад новым тытулам св. Вацлава, у гонар святога заступніка біскупа.

Касцёл св. Вацлава ў той час уяўляў сабою безапсідную трохнававую прамавугольную ў плане святыню з дзвюма ўнутранымі двух­павярховымі сакрыстыямі. Чацверыковыя вежы га­лоў­нага фасада былі збудаваны толькі на адзін ярус і завершаны атыкам. Шчыт галоўнага фасада завершыла фігура Маці Божай Беззаганай, якую прывёз з Гродна архітэктар Грудэцкі. Ён жа дэмантаваў у 1845 пяць старажытных алтароў у зачыненым слонімскім касцёле канонікаў рэгулярных, якія і былі ўсталяваны ў новай ваўка­выскай фары.

Галоўны алтар шасцікалоннай структуры з васьмю скульптурамі Апосталаў і Евангелістаў у цэнтры змяшчаў абраз Укрыжавання (у 1891—1912 гадах тут знаходзіўся абраз Маці Божай з Міжэрычаў, калі там быў зачынены касцёл, пасля — тэракотавая П’ета, прывезеная з Францыі). Абраз Маці Божай ізноў быў змешчаны ў бакавым алтары, другі бакавы алтар быў прысвечаны Пану Езусу, яшчэ адзін сціплы алтар змяшчаў абраз св. Антонія. У 1874-75 касцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны трох’яруснай вежай-званіцай у стылі класіцызму.

На мяжы ХIХ-ХХ ст. алтары пабялілі алейнай фарбай, фрагментарна пазалацілі і пасрэбрылі, часовую столь замянілі кесонавай, падлогу выклалі тэракотавай пліткай, папярэдні арган аддалі ў касцёл у в. Пескі (Мастоўскі раён), а на яго месцы ўсталявалі новы дванаццацігалосны арган, замянілі пакрыццё даху.

Касцёл у 1937 годзе

7 лютага 1929 года фара была пашкоджана пажарам: усё, што было драўляным, цалкам згарэла, карынфскія калоны інтэр’ера пападалі, сцены былі значна апалены, змаглі ўратаваць толькі абсталяванне сакрыстыі і парафіяльны архіў. Прафесар Оскар Сасноўскі выканаў праект адбудовы святыні, паводле яго былі дабудаваны вежы-званіцы ў стылі неакласіцызму, прамавугольная апсіда з лесвіцамі на калятарскія ложы над сакрыстыямі, інтэр’ер быў падзелены на навы трыма парамі тасканскіх калон. 26 кастрычніка 1930 быў кансэкраваны галоўны алтар касцёла, а ў 1931 віленскі абп Рамуальд Ялбжыкоўскі кансэкраваў фару пад гістарычным тытулам св. Вацлава.

На суседніх з касцёлам стара­жытных парафіяльных могілках (заснаваныя на пачатку ХIХ ст.) вядома капліца, пабудаваная ў сярэдзіне ХIХ ст. паводле праекта 1848 г. архітэктара Грудэцкага. Гэта невялікая неагатычная васьмігранная ратонда пад каркаснай шатровай вежачкай. Па-за могілкамі асобным мемарыялам ушанавана памяць салдат польскага войска, загінуўшых у вайну 1919—20 гадоў і II Сусветную вайну. Таксама з ХIХ ст. да фарнай парафіі належыць капліца ў Вайткевічах. Колькасць парафіян перад II Сусветнай вайной дасягала 7600 вернікаў.

Касцёл дзейнічаў увесь час бесперапынна, з 1970-х гадоў мае статус помніка архітэктуры. Рамонтныя працы ў касцёле адбываліся ў 1956, 1985, 1995-97 гады. З 1991 на парафіі працуюць манаскія сёстры з супольнасці Сясцёр Школьных Нотр-Дам, катэхетычны дом пабудаваны ў 1994 годзе.

Старая плябанія, што стаяла паміж фарай і парафіяльнымі могілкамі, не захавалася. Новая плябанія — аднапавярховы з высокай мансардай будынак з сілікатнай цэглы, пабудаваны ў 1990-я гады перад могілкамі.

Касцёл з боку апсіды

Касцёл уяўляе сабой дзвюхвежавую трохнававую святыню, прамавугольную ў плане з прамавугольнай невялікай апсідай ва ўсходняй частцы, якую фланкуюць уваходы-тамбуры ў двухпавярховыя сакрыстыі. У заходняй частцы абапал галоўнага ўваходу — два невялікія памяшканні, над якімі размешчаныя хоры. Галоўны (заходні) фасад дзвюхвежавы. Цэнтральная яго частка вылучаная чатырма пілястрамі, бакавыя вырашаны як асновы аднаярусных чатырохгранных вежаў, фланкіраваны пілястрамі і завершаны трыгліфным фрызам і карнізам з сухарыкамі. Паміж вежамі атык крывалінейнага абрысу. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя пілястрамі і дэкарыраваныя арачнымі паяскамі, якія абрамляюць паўцыркульныя аконныя праёмы.

Тэрыторыя абнесеная агароджай з бутавага каменю і металічнай рашоткі. Галоўны ўваход вылучаны трохпралётнай мураванай брамай.

У інтэр'еры два рады магутных тасканскіх калон (па тры ў кожным) утвараюць тры нефы (бакавыя ўдвая вузейшыя за цэнтральны). Перакрыты плоскай столлю. Перакрыцце бэлечнае, над апсідай — цыліндрычнае скляпенне з распалубкай. Пры ўваходзе две невялікія памяшканні.

У касцёле знаходзяцца тры мураваныя неакласіцыстычныя алтары, усталяваныя ў 1930-31 гады. Галоўны алтар створаны ў выглядзе трыумфальнай аркі, вылучаны чатырма калонкамі і дэкарыраваны скульптурай (Святыя Пётр і Павел, XIX ст., дрэва), ляпным арнаментам і размалёўкай. У цэнтры размешчаны абраз «Святыя Вацлаў і Казімір адаруюць Сэрца Пана Езуса» пэндзля віленскага мастака Людаміра Сляндзіньскага.

Два бакавыя алтары двух’ярусныя і дзвюхкалонныя, па канструкцыйным вырашэнні паўтараюць цэнтральны, які аздоблены вітражамі. У левым алтары над абразом Унебаўзяцця Дзевы Марыі змешчаны абраз св. Юзафа з Дзіцяткам, у правым — «Адарацыя Дзіцятка Езус святымі Антоніем і Францішкам» з абразом св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус наверсе.

Над нартэксам знаходзіцца балкон арганных хораў на ўсю даўжыню цэнтральнага нефа.

Брама, капліца-пахавальня

[правіць | правіць зыходнік]
Капліца-пахавальня Сягеняў

Галоўны ўваход бутавай агароджы комплекса фары пазначаны цаглянай і атынкаванай трохпралётнай брамай, якая засталася ад разабранай званіцы 1875 года.

Па-за касцёлам, справа, каля 1880 года сям’я Сягеняў узвяла сваю капліцу-пахавальню ў неараманскім стылі з жоўтай вонкавай цэглы. Унутры знаходзіцца мураваны алтар з Укрыжаваннем і надмагільныя помнікі. Цяпер капліца выкарыстоўваецца ў якасці сховішча.

  • Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993.